
«Джэймз Бонд — унутры краіны, зьмены адбудуцца ўнутры Беларусі». Як працуе адукацыйны праект «Нацыя лідэраў».
Адукацыйны праект «Нацыя лідэраў» быў створаны ў 2021 годзе. Свабода пагутарыла як з аўтарамі праекту, так і з выкладчыкамі пра тое, чаму ў цяжкія часы патрэбная адукацыя і чым адукацыя ў «Нацыі лідэраў» адрозьніваецца ад таго, як рыхтуюць чыноўнікаў у Беларусі.
«Зьмены не адбыліся, бо мы былі не гатовыя, ня ведалі, што такое дэмакратыя»
Стварылі адукацыйны хаб «Нацыя лідэраў» беларусы, якія прыйшлі ў грамадзка-палітычнае жыцьцё ў 2020 годзе. Яны адчулі, што ім і вельмі многім людзям не стае ведаў пра тое, што такое палітыка, грамадзянскія правы ды шмат што яшчэ. Стваральнікі просяць не агучваць іхніх імёнаў дзеля бясьпекі, бо і частка іх саміх, і частка навучэнцаў знаходзяцца ў Беларусі.